ГА́ННА ЯГЕЛО́НКА
(Anna Jagiellonka; 18.10.1523, г. Кракаў, Польшча — 9.9.1596),
каралева Польшчы і вял. княгіня ВКЛ (1575—76). Дачка Жыгімонта І Старога і Боны Сфорцы, сястра Жыгімонта II Аўгуста, жонка Стафана Баторыя. Пасля смерці ў 1572 апошняга з дынастыі Ягелонаў Жыгімонта II Аўгуста шляхта абавязала будучага караля ўзяць шлюб з Ганнай Ягелонкай. У перыяд бескаралеўя 1575 абвешчана каралевай, у мужы ёй прызначаны Стафан Баторый; шлюб заключаны ў 1576. Аўдавеўшы ў 1585, Ганна Ягелонка дамаглася абрання на прастол Польшчы і ВКЛ свайго пляменніка Жыгімонта III Вазы. Апекавала Кракаўскую акадэмію, падтрымлівала цесныя сувязі з папскім нунцыем і езуітамі (Пётр Скарга). У якасці спадчыны валодала Кобрынскай эканоміяй, дала гарадам эканоміі Кобрыну і Гарадцу магдэбургскае права і гербы. У 1589 асабіста ўручыла жыхарам Кобрына прывілей, падпісаны каралём.
І.А.Масляніцына.
т. 5, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)